22 снежня ў канферэнц-зале рэдакцыі “Настаўніцкай газеты” адбылося абмеркаванне Кодэкса аб адукацыі ў новай рэдакцыі.

абмеркаванне

У размове прынялі ўдзел непасрэдна яго распрацоўшчыкі — кіраўнікі і прадстаўнікі ўпраўленняў і аддзелаў Міністэрства адукацыі: начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі С.А.Каспяровіч, начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці В.І.Валасацікаў, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі А.Л.Давідовіч, начальнік аддзела павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Д.А.Канапацкі, намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі І.У.Каржова, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы А.В.Галаўнёва, кансультант упраўлення прафесійнай адукацыі Т.Р.Арцем’ева.

У канцы 2013 года у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прайшлі парламенцкія слуханні на тэму “Удасканаленне заканадаўчай базы сістэмы адукацыі ў сучасных умовах”, дзе абмяркоўвалася неабходнасць уключэння ў Кодэкс аб адукацыі новых палажэнняў і істотнай дапрацоўкі дзеючых заканадаўчых норм. Паколькі адукацыя знаходзіцца ў цэнтры прыярытэтных дзяржаўных інтарэсаў, то ад стану адукацыйнай сістэмы шмат у чым залежаць будучыня дзяржавы, яе эканамічнае развіццё, узровень дабрабыту грамадства і кожнага з нас. Таму кіраўнік дзяржавы паставіў для адукацыйнай сферы найважнейшыя задачы, якія павінны быць вырашаны ў найбліжэйшай перспектыве. Гэта абнаўленне зместу школьнага навучання, пераадоленне адрыву прафесійнай адукацыі ад патрэб заказчыкаў кадраў, прыцягненне да работы ў школе творчых, ініцыятыўных педагогаў, павышэнне прэстыжу педагагічнай дзейнасці. Гэтыя задачы могуць быць выкананы ў поўнай меры толькі пры ўмове своечасовага ўдасканалення заканадаўства. Справа гонару галіновага міністэрства, дэпутатаў, зацікаўленых структур, усяго грамадства — зрабіць кодэкс люстэркам айчыннай адукацыі, каб усе яго нормы спрыялі інтарэсам педагагічнай супольнасці, кожнага настаўніка, кіраўніка, вучня і студэнта.
http://nastgaz.by/?p=32898